Пасябравалі з фінансамі...

14.09.2017

Чацвёрты год запар ААТ “Белаграпрамбанк” праводзіць маштабную рэспубліканскую акцыю “Твае першыя фінансы”. За гэты час веды і падарункі атрымалі болей за 250 тысяч пяцікласнікаў нашай краіны. І напачатку новага навучальнага года па ўсёй Беларусі для вучняў 5-х класаў сельскіх і гарадскіх школ праводзяцца ўрокі фінансавай граматнасці, дзеткам уручаюцца кнігі, у цікавай і даступнай форме расказваецца аб гісторыі з’яўлення грошай, аб неабходнасці дзейнасці банкаў, аб тым, як правільна карыстацца грашыма, што такое ўклады, крэдыты, банкаўскія карткі і інш.

У нашым раёне напачатку новага вучэбнага года 606 пяцікласнікаў атрымалі і атрымаюць кнігі “Твае першыя фінансы”, для многіх з іх будуць праведзены адпаведныя ўрокі. Вось і ў мінулы чацвер, 7 верасня, у Зеленабор-
скую сярэднюю школу завіталі прадстаўнікі РКЦ №11 у г. Івацэвічы, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і добра вядомы казачны персанаж Агрык.

Для пяцікласнікаў школы госці ў гульнявой форме правялі ўрок на тэму фінансавай граматнасці, расказалі пра іншыя праграмы банка на карысць дзяцей, звярнулі ўвагу, што, увогуле, каля 100 000 пяцікласнікаў у Беларусі, дзякуючы намаганням “Белаграпрамбанка”, у бягучым годзе атрымаюць першыя веды па фінансавай граматнасці. Так, перад дзецьмі выступілі прадстаўнікі РКЦ №11 Наталля Кот і Таццяна Бахур, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Мархель, дырэктар школы З. В. Саук, выступоўцы пажадалі падрастаючаму пакаленню быць добрымі вучнямі і ў будучым паспяховымі людзьмі. Дзеці атрымалі падарункі ад гасцей, паглыбілі свае веды на тэму фінансаў, змаглі нават пагуляць з Агрыкам, з’яўленне якога ў кабінеце было сустрэта радасным дзіцячым смехам.